Макей і Лаўроў паразмаўлялі пра беларуска-расійскія адносіны

У чацвер, 22 снежня, адбылася тэлефонная размова міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі. Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў разгледзелі "актуальныя тэмы парадку дня расійска-беларускіх адносінаў", — інфармуе прэс-служба расійскага МЗС. Пра што менавіта ішла гаворка, невядома. МЗС Беларусі яшчэ не даў інфармацыі пра размову.
Зусім магчыма, што была закранутая тэма пратэсту, які знешнепалітычнае ведамства нашай краіны выказала расійскаму дыпламату Вадзіму Гусеву. Нагодай для яго сталі зняважлівыя заявы дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" Леаніда Рашэтнікава на адрас Беларусі, беларускай мовы.