Макей: Беларусь разглядае АБСЕ ў якасці пляцоўкі для перамоваў (відэа)
Двухдзённы візіт кіраўніцтва арганізацыі ў Мінск пачаўся сёння.
Беларусь разглядае АБСЕ як важную пляцоўку для перамоваў. Пра гэта заявіў 15 чэрвеня журналістам міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перамоваў з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Георгам Лінкам.
Паводле Макея, АБСЕ для нашай краіны — гэта важны форум для дыялога ў пытаннях, якія тычацца бяспекі і супрацоўніцтва ў рэгіёне. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў калектыўных органах АБСЕ і супрацоўнічае з сакратарыятам арганізацыі.
“У гэтым кантэксце я хацеў бы адзначыць важнасць праектнага ўзаемадзеяння з АБСЕ. Падчас перамоваў намі ў цэлым узгоднены праект дакументаў тэхнічнай дапамогі па лініі гэтай арганізацыі для рэалізацыі ў Беларусі ў будучыні”, — сказаў Уладзімір Макей.
Двухдзённы візіт у Мінск генеральнага сакратара АБСЕ Ламберта Заньера і кіраўніка Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэля Георга Лінка праходзіць 15-16 чэрвеня. Падчас візіта прадстаўнікі АБСЕ плануюць абмеркаваць увесь комплекс пытанняў, якія тычацца стану і перспектыў супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама сітуацыі ў рэгіёне, перадае БЕЛТА.