Махлярка падманула патэнцыйных хабарнікаў на 5 тысяч долараў

Жыхарку Салігорска злавілі на падбухторванні да харабрніцтва і махлярстве. Жанчына прадстаўлялася асобай з добрымі сувязямі і абяцала дапамагчы знаёмым у вырашэнні розных праблем з прадстаўнікамі ўлады — напрыклад, вызваліцца ад адміністратыўнай адказнасці або атрымаць правы кіроўцы, фактычна мінуючы аўташколу. Яна абяцала  перадаць хабар патрэбным асобам, брала ў людзей грошы ад 400 да 800 долараў, а сама траціла гэтыя грошы на свае патрэбы.

Следства высветліла, што ніякіх рэальных сувязяў абвінавачаная не мела і таму не магла паспрыяць у вырашэнні такіх пытанняў.

Што да патэнцыйных хабарнікаў, то на іх завялі асобную справу, па якой цяпер праходзяць 10 чалавек, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.