Магілёўцаў, якія падпісаліся супраць будаўніцтва царквы, выклікалі ў міліцыю

Плануецца, што так будзе выглядаць царква Дабравешчання Багародзіцы ў Магілёве

Плануецца, што так будзе выглядаць царква Дабравешчання Багародзіцы ў Магілёве / рэндар з грамадскага абмеркавання

У Пячэрскім лесапарку Магілёва хочуць пабудаваць праваслаўную царкву. Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы па вуліцы Якубоўскага праходзіла з 25 красавіка па 9 траўня. Па яго выніках мясцовыя ўлады дазволілі будаўніцтва, піша "Наша Ніва".

Акрамя царквы ў комплекс уваходзяць дом кліру, гаспадарчы блок і паркоўка для вернікаў. Тэрыторыя, на якой прапануюць пабудаваць царкву, густа засаджаная дрэвамі, якія давядзецца спілаваць падчас будаўніцтва. Акрамя таго, тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону батанічнага заказніка, абвешчанага ў 2021 годзе ў Пячэрску. У канцэпцыі, вынесенай на абмеркаванне, гэта не згадвалася.

Улады заявілі, быццам пабудаваць царкву на месцы маладога лесу папрасіла тысяча мясцовых жыхароў. На прэзентацыі праекта 30 красавіка ў гарвыканкаме чыноўнікі заявілі, што насамрэч гэта ніякі не лес, а "бамжатнік" і "буралом", а царкоўны перазвон "станоўча ўплывае на чалавека".

На тэлеканале "Беларусь 4" выйшаў сюжэт, у якім былі сабраныя галасы толькі за будаўніцтва царквы. Адзін мужчына нават абураўся тымі магілёўцамі, якія хочуць школу ці бальніцу, а не чарговую царкву: "Людзі не разумеюць, што храм — гэта і ёсць бальніца! Храм — гэта і ёсць школа!"

Мясцовыя жыхары за кароткі тэрмін сабралі каля 500 подпісаў супраць будаўніцтва. Пасля 7 траўня, перад самым завяршэннем абмеркавання, людзей, якія збіралі подпісы, пачалі выклікаць у міліцыю і казаць пра супрацьзаконнасць такіх дзеянняў.

На пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічай рады па гэтым праекце 19 траўня выявілася, што чыноўнікі прынялі толькі 180 зваротаў супраць будаўніцтва храма, адкінуўшы 300 іншых подпісаў. Затое заявілі, што за будаўніцтва царквы выступае ўжо некалькі тысяч чалавек.

Зрэшты, за будаўніцтва храмавага комплексу прагаласавалі толькі 6 з 11 чальцоў рады. Пры тым прынамсі палова з іх — лукашэнкаўскія чыноўнікі з адпаведнымі значкамі на лацкане.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.