Маці Ягора Дуднікава: ён пасмяяўся, што яго голас прызналі зброяй

Асуджанаму палітвязню Ягору Дуднікаву 28 снежня дазволілі гадзіннае спатканне з маці. На сустрэчу з сынам спадарыня Юлія прыехала з Саратава — Ягор з'яўляецца грамадзянінам Расіі, там жыве яго сям'я.
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", маці не прыязджала на суд, бо ён быў закрыты. Першы раз за доўгі час пабачыла сына на абвяшчэнні прысуду. Яна звярнула ўвагу на погляд сына: "У яго пасталелы і стомлены погляд чалавека, які не можа належаць чалавеку 21 года".
На спатканні з маці Ягор выказаў здзіўленне, што суд праходзіў у закрытым рэжыме: "Пра суд сказаў, што быў здзіўлены, што ён прайшоў менавіта ў такім фармаце і што яго голас прызналі зброяй. Але ён пасмяяўся з гэтага".
Па словах маці, хлопец не збіраецца здавацца і хоча вярнуцца ў Расію: "Ягор трымаецца, але такі тэрмін, чакана, яго вельмі знерваваў. Яго лозунг — "акружаны, але не зламаны". Пакуль ёсць хоць маленькая надзея, ён і мы будзем за яе трымацца".
Дуднікаў расказаў маці, што адчувае падтрымку беларусаў — яму піша шмат людзей, якім ён удзячны.
Прысуд сыну Юлія называе несправядлівым. "Ён не забіў, не гвалціў, не рабаваў. Так, магчыма, тое, што ён рабіў, было няправільна, але пакаранне павінна быць сувымерным, а не як за забойства", — кажа яна.
27 снежня Мінгарсуд прысудзіў Ягору Дуднікаву 11 гадоў калоніі. Хлопца арыштавалі за тое, што ён агучваў пратэсныя відэаролікі. Пасля затрымання ён цераз адваката перадаў паведамленне пра катаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.