Любіш ЗША пагражаць — любі і танкі танна даваць: Беларусь становіцца Расіяй?

Расійскія вайскоўцы ў Мінску / Еўрарадыё
Расійскія вайскоўцы ў Мінску / Еўрарадыё

Існуе меркаванне, што Беларусь усё больш становіцца падобнай да Расіі. З'яўляюцца відэа людзей, якія раскайваюцца па аналогіі з "выбачальнымі" відэа для Рамзана Кадырава. Расійская зброя пастаўляецца ў Беларусь, беларуская дзяржпрапаганда працуе па метадычках "старэйшага брата" і гэтак далей.

Ці на самай справе дзве краіны — як мінімум на ідэалагічным узроўні — зліваюцца адна з адной?

— Беларуская дзяржава за апошні год-паўтара сапраўды ўсё глыбей занураецца ва ўсе магчымыя сферы ўплыву Расіі, — мяркуе палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Гэта значыць, у вайсковым, культурным, інфармацыйным і эканамічным сэнсе. Складана знайсці тую сферу, дзе не адбываецца такога паўзучага паглынання.

— У сферы вайсковых паставак, мне здаецца, гэта заўсёды было збольшага трэндам і рэальнасцю, што Беларусь практычна цалкам залежыць ад Расіі ў пастаўках некаторых тыпаў узбраенняў, асабліва авіяцыі і ППА, — працягвае Арцём Шрайбман. — Прыкладна з 2015 да 2019 года былі спробы дыверсіфікаваць вайсковае супрацоўніцтва. Але ў цэлым беларуская ўлада ніколі не дэкларавала, што яна будзе самастойным ваенна-тэхнічным гульцом.

У Беларусі няма грошай на закупку сапраўды дарагой тэхнікі. Я думаю, зараз адкрываецца яшчэ адна старонка гандлю за чарговыя сістэмы ўзбраенняў. Маўляў, "мы ж далі вам сваю тэрыторыю паганяць для пагроз Украіне і ЗША. Цяпер вы нам нешта за гэта вінныя. Чаму нам не даць па танносці нейкую тэхніку, якая і вас будзе абараняць?". Гэта стандартны трук Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.