Больш за 240 беларусаў не могуць звольніцца з войска РФ па заканчэнні кантракту

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота / ria.ru

З расійскага войска пасля заканчэння кантракту не могуць звольніцца 244 грамадзян Беларусі. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім праекце "Хачу жыць", якім займаецца Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

"Кантракт з Міністэрствам абароны Расіі — квіток у адзін канец. Расія не адпускае замежных наймітаў, у якіх закончыліся кантракты", — заяўляюць у праекце "Хачу жыць".

Тамсама паведамляецца, што супраць Украіны ў шэрагах расійскага войска ваююць грамадзяне Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Туркменістана, Таджыкістана, Сербіі, Кубы, Сірыі, Непала, Індыі, Шры-Ланкі, Бразіліі, Егіпта, Гамбіі, Алжыра, Камеруна, Ганы, Нігерыі і Марока.

Аўтары праекта сцвярджаюць, што атрымалі паіменныя спісы больш як трох тысяч наймітаў з 86 краін, "у якіх закончыліся кантракты, але іх аўтаматычна падоўжылі".

Сёлета ў лютым у Telegram-канале "НЕ ЖДИ меня из Украины", як заўважыла Радыё Свабода, апублікавалі гісторыю беларуса, які не мог звольніцца з расійскага войска пасля заканчэння кантракту. У 2024-м ён трапіў у шпіталь з раненнямі таза і сцёгнаў і быў прызнаны часова не прыдатным для службы ў войску. Яму рэкамендавалі адпачынак 45 дзён. Беларус таксама казаў, быццам не атрымаў выплаты за раненне. Далейшы яго лёс невядомы.

Грамадзяне Беларусі ў расійска-ўкраінскай вайне ўдзельнічаюць у баях па абедзве лініі фронту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.