Лукашэнка адправіў бізнесменаў адкрываць магазіны на сяле
Крама, фота ілюстрацыйнае / "Флагшток"
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыцягнуць гандлёвыя сеткі ў невялікія вёскі, у тым ліку неперспектыўныя.
"Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнэс у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца на вёсцы. Тым больш што праблемных раёнаў не так ужо і шмат", — сказаў Лукашэнка падчас нарады па пытаннях гандлю.
Ён раскрытыкаваў "гандляроў", якія "рынуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы, нядрэнна жывуць". І запатрабаваў ад мясцовых органаў улады арганізаваць "бесперабойны гандаль".
"Гаспадары і ўласнікі — на Блакітным беразе. Так арганізуйце гэта так, каб яны (крамы) працавалі і там, у глыбінцы", — абурыўся Лукашэнка.
Мяркуючы з усяго, беларускія ўлады звярнулі ўвагу на скаргі беларусаў у TikTok. Анансуючы нараду, прэс-служба Лукашэнкі звярнула ўвагу на тое, што ў гэтай сацсетцы поўна скаргаў. А не так даўно санстанцыя прайшла з рэйдам па крамах, на якія скардзіліся карыстальнікі TikTok.