Лявончык абвяргае высновы НХК: "Справаздача скажае рэчаіснасць"

Аляксей Лявончык
"Справаздача скажае рэчаіснасць". Так кіраўнік фонду ByHELP Аляксей Лявончык пракаментаваў высновы Нарвежскага Хельсінкскага камітэту пра бяспеку ў фондзе.
"Звярну ўвагу на тое, што BYHelp нібыта "прызнаў факт уцечкі даных і адсутнасць агульных пратаколаў абароны даных". BYHelp ніколі не прызнаваў факту адсутнасці пратаколаў абароны даных, бо гэта не адпавядае рэчаіснасці", — заявіў Лявончык у каментары reform.news.
Ці прызнаваў фонд факт уцечкі даных, як пазначана ў справаздачы, Лявончык не ўдакладніў.
Пры гэтым Лявончык дадаў, што тры атрымальнікі дапамогі ад BYHelp трапілі пад пераслед у Беларусі. "Калі браць агульную колькасць нашых кейсаў (больш за 18 тысяч), то 3 выпадкі крымінальнага пераследу — гэта на тры больш, чым нуль, але сама па сабе нізкая лічба сведчыць пра якасць стратэгій менеджменту рызыкі, якую мы распрацавалі і, у тым ліку, прапанавалі партнёрам", — падкрэсліў ён.
Лявончык адзначыў, што пасля арышту атрымальнікаў дапамогі ў фондзе распрацавалі рэкамендацыі, "якія дазволілі істотна зменшыць рызыку крымінальнага пераследу атрымальнікаў дапамогі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.