Ля Бараўлянаў на трасе перакулілася фура (відэа)
Прычынай сур’ёзнай аварыі магло стаць неспрыяльнае надвор’е.
Дарожнае здарэнне з удзелам грузавіка і фургона адбылося ў сераду раніцай на трасе М3 (Мінск — Віцебск) каля пасёлку Бараўляны ў Мінскім раёне. Фура перакулілася пасярод праезнай часткі, перакрыўшы дзве паласы руху.
Як паведамілі сайту Onliner.by у МНС Мінскай вобласці, інфармацыя пра аварыю паступіла ў 5.52. ДТЗ адбылося каля вёскі Чарцяж — сутыкнуліся сядзельны цягач Renault і аўтамабіль Mercedes. Цягач выехаў на сустрэчную паласу, з-за чаго і адбылося сутыкненне. Яго кіроўца не пацярпеў, а вось кіроўца Mersedes апынуўся заблакаваным у сваім аўтамабілі і яго вызвалялі адтуль пры дапамозе гідраўлічных інструментаў. З траўмамі рознай ступені цяжкасці мужчына дастаўлены ў Мінскую абласную клінічную лякарню.
Рух на трасе ў раёне аварыі сур’ёзна ўскладнены. З боку Мінска ўтварыўся вялікі затор, на сустрэчнай стаялі знакі паніжэння хуткасці, паведамілі чытачы сайту Onliner.by.
Расследаванне прычын здарэння праводзіць ДАІ.