Луўр схаваў свае каштоўнасці ў банку, каб іх больш не скралі
 
  Луўр / unsplash
Луўр перадаў некаторыя са сваіх самых дарагіх каштоўнасцяў Банку Францыі, паведамляе BBC. Нядаўняе гучнае рабаванне музея выявіла недахопы ў сістэме яго бяспекі.
Банк знаходзіцца ўсяго ў 500 метрах ад Луўра, каштоўнасці перанеслі туды ў пятніцу. Цяпер яны будуць захоўвацца ў самым абароненым сховішчы банка на глыбіні 26 метраў пад першым паверхам штаб-кватэры ў цэнтры Парыжа.
У гэтым жа сховішчы знаходзіцца 90% залатога запасу Францыі, а таксама нататнікі Леанарда да Вінчы і іншыя нацыянальныя скарбы. Кошт сховішча ацэньваецца прыкладна ў 600 млн еўра.
Раніцай 19 кастрычніка невядомыя абрабавалі Луўр. Трое злачынцаў прыехалі на скутэрах. У музей яны трапілі праз будынак, дзе вядуцца будаўнічыя работы. Падняўшыся на грузавым ліфце, яны разбілі вокны, прабраліся ў "Галерэю Аполона" і ўкралі ювелірныя ўпрыгажэнні — брошкі, тыяры і каралі з калекцыі Напалеона і іншых французскіх манархаў. Уся "аперацыя" заняла ў іх сем хвілін.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
