Лукашэнка зноў разнёс “Беларусьфільм” — але працаваць па-іншаму студыя не можа

Фасад кінастудыі "Беларусьфільм"

Фасад кінастудыі "Беларусьфільм" / Office Life

10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка з чальцамі урада наведаў кінастудыю “Беларусьфільм”, дзе эмацыйна раскрытыкаваў яе за непрыбытковасць і адсутнасць поспехаў у стварэнні глядацкага кіно.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі мяркуе: не варта паддавацца аўтакратычнаму папулізму, бо менавіта ўлада мэтанакіравана давяла “Беларусьфільм” да цяперашняга стану.

***

Калі зазірнуць у спіс самых стратных беларускіх прадпрыемстваў, то там можна убачыць усё што заўгодна — ад савецкіх заводаў-гігантаў да стагнуючых аграгаспадарак. Ёсць там і дзяржаўны флагман крэатыўнай эканомікі — студыя “Беларусьфільм”. Дзяржаўная кінафабрыка для ўлады там значыцца на асаблівым рахунку — і гэта незнарок.

Бо дзе яшчэ, як не на дзяржаўнай кінастудыі, можна закаціць поўны пранізлівай драмы скандал аб занядбанасці, неэфектыўнасці і дарэмным марнаванні бюджэтных грошай. І гэтай пляцоўкай Аляксандр Лукашэнка, як шоўмен з вялікім досведам, вось ужо тры дзесяцігоддзі паспяхова карыстаецца.

Лукашэнка зноў разнёс “Беларусьфільм” — але працаваць па-іншаму студыя не можа
Аляксандр Лукашэнка падчас візыту на "Беларусьфільм", 10 чэрвеня 2025 года / БелТА

Яго ўчорашні разнос “Беларусьфільма”, супрацоўнікаў якога ён прапанаваў агарадзіць калючым дротам і прымусіць працаваць, можа ўразіць, але не спяшайцеся здзіўляцца. 

Спіч Лукашэнкі няшмат у чым адрозніваецца ад яго ранейшых заяў пра праблемы дзяржкіно мінулых гадоў і нават дзесяцігоддзяў. Ужо гучалі словы ад “храмой кабылы, якая бадзяецца на полі мастацтва” да “поўнай ганьбы”. Лаянка розная, а сэнс адзін і той жа.  

Што і казаць, дзяржстудыя пад пільным кантролем уладаў за апошнія гады імкліва дэградавала, ператварыўшыся з месца, дзе паўстае пасрэднае кіно пра Другую сусветную, у майстэрню пралукашэнкаўскай прапаганды. 

Яшчэ не звольненыя супрацоўнікі тут малююць мультфільмы пра дзяржаўныя сімвалы, здымаюць дакументальнае кіно пра генацыд беларусаў, разгортваюць псіхалагічныя драмы пра лекараў-патрыётаў — усё па замове Міністэрства культуры і на абавязковым кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта. 

Месца “цікаваму душашчапальнаму кіно”, пра якое разважае Лукашэнка, у гэтай бясспынай плыні кандовай ідэалогіі сапраўды няма. Але не таму, што яго ніхто не хоча здымаць — проста дзяржаве гэта не трэба. А трэба прамываць мазгі і ўдаўбліваць у голавы патрэбныя ўладзе наратывы пра “традыцыйныя каштоўнасці” і “веліч савецкай мінуўшчыны”. 

Лукашэнка зноў разнёс “Беларусьфільм” — але працаваць па-іншаму студыя не можа
Паседжанне падчас наведвання Лукашэнка "Беларусьфільма", 10 чэрвеня 2025 года / БелТА

Аўтакрат проста ламае камедыю, робячы выгляд, што гэты “заняпад беларускага кіно” адбыўся сам па сабе, па недаглядзе дурнаватых чыноўнікаў, а не праз яго ўласныя намаганні.

Ці магчымае тут нейкае выйсце, пра якое кажа міністр Чарнецкі ці віцэ-прэм’ерка Пяткевіч? На словах так, а на справе — не. 

Спелы беларускі аўтарытарызм, пранізаны наскразь цэнзурай і свавольствам сілавікоў, проста адмаўляе існаванне нават ілюзіі такой магчымасці. Кінематаграфісты, якім давялося эмігрыраваць, праз пагрозу пераследу не вернуцца ў краіну, а сапраўды цікавыя сцэнары будуць тануць у шматлікіх праўках, якімі іх будуць прыпраўляць мастацкія рады пры ідэалагічных ведамствах.

Рэжым можа спадзявацца хіба толькі на цынічную і імклівую да самасцвярджэння моладзь, тыпу выпускніка Акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага, якая можа прыйсці на кліч дзяржавы. Але і яе чакае незайздросны лёс — здымаць чарговы вымучаны лубок пра тое, як жа клёва быць настаўнікам у сельскай школе. Ці зваршчыкам на МАЗ-е. Ці вайсковым на палях Другой сусветнай.

Вось толькі дзе ў гэтым ураўненні хаваецца сапраўднае кіно, якога безнадзейна чакае беларускі глядач, рашуча незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.