Лукашэнка зноў прызначыў малодшаму сыну павышаную стыпендыю

Мікалай Лукашэнка

Мікалай Лукашэнка / ria.ru

Мікалай Лукашэнка працягне атрымліваць спецыяльную стыпендыю. Так вырашыў яго бацька.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне №106рп ад 15 ліпеня, якім зацвярджае рашэнне спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Згодна з гэтым рашэннем прызначаюцца спецыяльныя стыпендыі на другі семестр 2024/2025 навучальнага года. Памер такой стыпендыі складае 229,07 рубля. Атрымае яе і студэнт трэцяга курса БДУ Мікалай Лукашэнка.

Дарэчы, лукашэнка-малодшы атрымлівае такую стыпендыю рэгулярна пасля свайго паступлення ў БДУ. Папярэдні раз адпаведнае рашэнне было прынята сёлета ў студзені. Тады яна складала 221,88 рубля і прызначалася за першы семестр 2024/2025 навучальнага года.

Агулам спецыяльныя стыпендыі прызначаныя 185 студэнтам. Акрамя таго 11 пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў атрымаюць гранд-прэміі з наданнем звання лаўрэата спецыяльнага фонду. А 92 навучэнцы, курсанты і студэнты атрымаюць спецыяльныя прэміі.

Агулам на гэтыя мэты вылучана каля 560 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.