Лукашэнка затрымаўся ў Маскве яшчэ на дзень?

Лукашэнка затрымаўся ў Маскве яшчэ на дзень?

Александр Лукашэнка вылецеў у Маскву раніцай 25 снежня і ў той жа дзень правёў там перамовы з Уладзімірам Пуціным. Яны доўжыліся каля чатырох гадзін і скончыліся ў 19:20. Спотары, якія сочаць за перамяшчэннямі самалётаў па ўсім свеце, 26 снежня заўважылі, што беларускі борт №1 дагэтуль знаходзіцца ў маскоўскім аэрапорце “Унукава”. Значыць, беларуская дэлегацыя затрымалася ў Расіі яшчэ на дзень?

“На ўчорашні дзень [26 снежня. — Еўрарадыё] самалёт з “Унукава” не вылятаў. Гэта я магу сказаць адназначна. Дзе ён цяпер, я, на жаль, сказаць не магу”, — на ўмовах ананімнасці распавёў Еўрарадыё адзін са спотараў. Суразмоўца спасылаецца на ўласныя крыніцы ды інтэрнэт-рэсурсы, дзе такую інфармацыю можна спраўдзіць.

Лукашэнка затрымаўся ў Маскве яшчэ на дзень?
Прэзідэнцкі борт EW-001PA. Фота: skyland.ch

26 снежня Аляксандр Лукашэнка не з’яўляўся на публіцы, а на сайце яго прэс-службы, як і ў “прэзідэнцкім” раздзеле інфармагенцтва БелТА, не з’явілася ніводнай навіны. Затое ўвечары 26 снежня на сайце прэс-службы Уладзіміра Пуціна выйшла навіна пра працоўную сустрэчу кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай з яе расійскім калегам Антонам Вайно.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” Еўрарадыё адмовіліся пацвердзіць інфармацыю пра адсутнасць прэзідэнцкага самалёта ў беларускай сталіцы: “Мы не можам даць такую інфармацыю. Звязвайцеся з прэс-службаю прэзідэнта”. Датэлефанавацца да прэс-службы аэрапорта “Унукава” не атрымалася.

Раніцай 27 снежня Аляксандра Лукашэнкі прыйшоў на “Галоўную ёлку” Беларусі ў Палац Рэспублікі ў Мінску — навіна пра гэта адразу з’явілася на president.gov.by. Такім чынам, кіраўнік Беларусі вярнуўся ў айчынную інфарпрастору. Але чым ён быў заняты цэлы дзень пасля таго, як афіцыйна скончыліся перамовы з Пуціным?

Лукашэнка затрымаўся ў Маскве яшчэ на дзень?
Аляксандр Лукашэнка ў Палацы незалежнасці 27 снежня. Фота: president.gov.by