Лукашэнка загадаў шукаць новыя рынкі экспарту па-за Расіяй
Па яго словах, дыверсіфікацыя экспарту з'яўляецца пытаннем нумар адзін.
Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня выступіў на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Па яго словах, пытанне дыверсіфікацыі экспарту цяпер з'яўляецца адным з самых галоўных.
"У гэты складаны час можна і трэба разлічваць толькі на сябе. Калі хтосьці збоку нам зможа дапамагчы — гэта будзе толькі плюс. Але не трэба разлічваць ні на Захад, ні на Усход, ні на Расію, ні на Украіну — ні на каго. Зыходзіць трэба толькі з уласных рэсурсаў, і для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка нагадаў, што продаж беларускіх тавараў у Расію зніжаецца, таму трэба пераарыентаваць прадукцыю на іншыя рынкі. У такім выпадку, кажа ён, Беларусь адыдзе ад абвалаў у эканоміцы, у фінансах.
На яго думку, неабходна хутка арыентавацца на кан'юнктуру рынку і неадкладна прымаць адпаведныя рашэнні. Лукашэнка дадаў, што гэты працэс ужо ідзе — у прыватнасці чальцы ўрада едуць за мяжу, падпісваюць кантракты для наступнай рэалізацыі беларускай прадукцыі.
Фота — БЕЛТА