Лукашэнка: Вучня трэба нахіліць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам

Лукашэнка: Вучня трэба нахіліць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дзецям трэба прышчапляць гонар за Беларусь з дзіцячага садка і першага класа школы. Пра гэта ён заявіў на рэспубліканскім педсавеце 24 жніўня. Удзельнічаць у гэтым працэсе павінны ўсе — "і ўлада, і школа, і сям'я", паведамляе БЕЛТА

Кожны ўрок і дадатковы занятак, на яго думку, мусяць мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. Ён спаслаўся на амерыканскі досвед: "Гэта не мая выдумка. Вазьміце амерыканцаў. Для іх Амерыка, гімн — гэта ўсё!"

Кіраўнік дзяржавы заклікаў адраджаць паўнавартасную сістэму пазакласнай работы. "Мною неаднаразова даваліся даручэнні: напоўніць шосты школьны дзень, узмацніць працу з сям'ёй, далучыць дзяцей да працы, больш актыўна ўключаць іх да заняткаў спортам. Сёння, на жаль, хваліцца няма чым. Але на гэтую тэму, я сказаў ужо гэта міністру, гутарак больш не будзе. Шосты дзень у тыдзень — не выходны. Гэта, калі хочаце, скажу вам як настаўнік, — каб вучня нахіліць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам", — ужыў Лукашэнка сваё ўлюбёнае слова.

Ён звярнуў увагу на недахоп гадзін працоўнага навучання. "Цяперашні малады чалавек, падлетак не разумее, што такое электрычная разетка, электрычная лямпачка. Дзяўчынка-падлетак не ўмее гузік прышыць. А ў наш час гэтаму ж вучылі. Чаму вы цяпер не вучыце гэтаму дзяцей?" — запытаўся Лукашэнка.

Таксама кіраўнік Беларусі згадаў фізічную форму вучняў. На яго думку, хутка не будзе каго браць у войска па стане здароўя. "Або дыстрофік, або вагой больш, чым я. У 17-18 гадоў — гэта ненармальна. Таму пачынайце у ​​гэтым плане працаваць", — заявіў ён.