Лукашэнка сёння будзе ўрачыста адкрываць Палац гімнастыкі ў Мінску

6 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (Палаца гімнастыкі), інфармуе БЕЛТА. Новабудоўля размешчана на праспекце Пераможцаў у сталіцы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з функцыянальнымі магчымасцямі цэнтра. Чакаецца, што ў адкрыцці Палаца гімнастыкі прымуць удзел вядомыя алімпійскія чэмпіёнкі Беларусі ды Расіі, а таксама іншыя славутыя атлеты. Сярод іншых удзел у цырымоніі прыме прэзідэнт Еўрапейскага саюза гімнастыкі Фарыд Гаібаў.
Будаваць Палац гімнастыкі вырашыў Аляксандр Лукашэнка. Актыўная фаза будаўніцтва пачалася ў кастрычніку 2016 года.
У комплексе размешчаныя дзве вялікія трэніровачныя залы, дзве залы для груп пачатковай падрыхтоўкі, чатыры залы харэаграфіі, зала аэробікі, а таксама басейн, дзве саўны, трэнажорная зала, салярый, кавярня, гатэльны блок на 18 месцаў. Таксама ў Палацы гімнастыкі ёсць кардыязона, кабінет фізіятэрапіі, масажны кабінет, працэдурныя памяшканні, пакоі адпачынку для спартовак і трэнераў, адміністрацыйны блок.