Лукашэнка расказаў, колькі займаецца спортам

Лукашэнка расказаў, колькі займаецца спортам

Кіраўнік Беларусі займаецца спортам па дзве гадзіны штодня. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 кастрычніка на сустрэчы з актывам БРСМ, перадае БЕЛТА.

"У мяне норма дзве гадзіны ў дзень або трохі больш, якія я павінен аддаць спорту. Гэта абавязкова. І вам раю. За вамі дзеці пацягнуцца", — паведаміў ён.

Лукашэнка заявіў, што не любіць займацца ў залах, закрытых памяшканнях або на бегавой дарожцы, а аддае перавагу заняткам на вуліцы. "Гэта выдатна, асабліва раніцай. Выйшаў на вуліцу, прабегся. Раніцай трэба 30-45 хвілін займацца спортам, асабліва мужыкам, каб мужыкамі быць. Прабегліся, нагрузілі ногі, падцягнуцца дзесьці, качнуць прэс", — даў ён інструкцыі.

Адказваючы на агучаную ініцыятыву, кіраўнік дзяржавы паабяцаў падтрымку праекту па адкрыцці спецыялізаваных пляцовак для заняткаў варкаўтам.