Лукашэнка — пра істэрыку ў Расіі і нежаданне беларусаў сядзець пад плінтусам

У аўторак падчас нарады, прысвечанай пытанню сяброўства ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтву з еўрапейскімі арганізацыямі, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра дачыненні Беларусі з Усходам і Захадам. Лукашэнка адзначыў, што дыялог з ЕС наладжваецца, але пры гэтым Брусель "гандалюе" з намі нават па дробязях". Яшчэ больш складаныя праблемы ўзнікаюць у дачыненнях з Расіяй. Да таго ж у Маскве выклікае раздражненне прагрэс Мінска ў перамовах з Захадам. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што "у ідэале заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважыць адзін аднаго".
"Гэтае супрацоўніцтва на Захадзе сёння выклікае нейкую алергію і часам істэрыку ў нашага галоўнага партнёра — Расійскай Федэрацыі (у асобных палітыкаў), — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Паўстае пытанне, з-за чаго істэрыка? Нашу прадукцыю на рынак не пускаюць, нахлебнікамі абзываюць, выштурхваюць, ціснуць, дзе толькі можна. Нам што, схавацца пад плінтус і там сядзець?!".
У сваім выступе беларускі кіраўнік акрэсліў праграму дзеянняў па наладжванні дачыненняў з Расіяй.
"Калі перад намі закрываюць дзверы — адныя, другія, трэція, — мы шукаем чацвёртыя, — гаварыў Лукашэнка. — Для таго, каб нармальна існавала дзяржава. І нават пры гэтым ніхто нас не можа папракнуць, што мы нібыта кудысьці павярнуліся. Нам нікуды не трэба паварочвацца. Мы у такой сітуацыі, што нам трэба пастаянна круціць галавой, таму што знаходзімся ў эпіцэнтры падзей — у цэнтры Еўропы".
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларусам не трэба "шукаць нейкае шчасце невядома дзе". Дастаткова "жалезабетонна" дамовіцца з расіянамі, наладзіць з імі "нармальныя эканамічныя адносіны", каб свабодна перамяшчаліся тавары, людзі, і каб не было абразаў.