Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў і работнікаў пракуратуры
Беларускія сілавікі / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
Аляксандр Лукашэнка сваім указам №332 пазбавіў званняў і класных чыноў больш за 80 былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, а таксама работнікаў органаў пракуратуры.
Падставай для гэтага стаў пераход сілавікоў уапазіцыю да мінскага рэжыму. Прэс-служба Лукашэнкі заяўляе пра "наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у тым ліку несанкцыянаваных мітынгах, абразы прадстаўнікоў улады, выступ з заявамі экстрэмісцкага характару ды іншыя".
Пад гэты ўказ трапілі нават былыя сілавікі, якія знаходзяцца ў адстаўцы або запасе дзесяць і больш гадоў таму.
Таксама ва ўказ трапілі былыя вайскоўцы, якія цяпер ваююць "на тэрыторыях іншых дзяржаў" — хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра беларускіх вайскоўцаў, якія дапамагаюць абараняць Украіну.
Аналагічны ўказ Лукашэнка прымаў год таму. Тады ў спісе было больш за 80 прозвішчаў.