Лукашэнка не спадзяецца наладзіць адносіны з Захадам пасля мінскага саміту

Аляксандр Лукашэнка не мае надзеяў на тое, каб наладзіць адносіны з Захадам пасля правядзення ў Мінску паседжання лідараў краін “нармандскай чацвёркі”. Пра гэта беларускі лідар заявіў у інтэрв’ю вядоўцы праграмы “Весці ў суботу” на тэлеканале “Расія 1” Сяргею Брылёву.

“Я б не казаў, што мы нейк наладзілі адносіны з імі. Не цешуся тут ніякімі надзеямі. Абсалютна адкрыта і шчыра хачу сказаць: я ўжо не ў тым узросце, калі людзі шарахаюцца, робяць крутыя, рэзкія павароты і гэтак далей. Па-першае, прабачце за нясціпласць, я маю нейкі палітычны досвед, не толькі багажом, ён таксама за плячыма ёсць. Я ўжо гэтага наглядзеўся, бачыў розныя перамовы, вёў іх”, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

“Мне ўсё гэта вядома і, каб, ведаеце, галава закружылася… Ад чаго, уласна, галава ў мяне закружылася? Ад таго, што мяне папрасілі, мне даручылі ўрэшце рэшт арганізаваць мерапрыемства? Бог з вамі, я не перабольшваю тут ролю Беларусі і сваю ролю, як звычайна. Не перабольшваю”, — заявіў кіраўнік нашай краіны.

“Бо, калі вы думаеце, што гэта прычына мне некуды павярнуцца — выкіньце гэта з галавы. Гэтага, па-першае, ніколі не будзе. Па-другое, адкрыта кажу, мяне і не запрашаюць і там не чакаюць. А па-трэцяе, мы ж з вамі рускія людзі. Пра што гаворка, мы з вамі людзі, якія нарадзіся на адной замлі, у нас ёсць агульная гісторыя. У нас агульныя погляды. І, напэўна, немалаважна, каб вы там не думалі пра нашы адносіны, з прэзідэнтам Расіі мы сябры, не толькі браты родныя, але і сябры. Вось гэтым і кіруйцеся”, — адзначыў Лукашэнка.

Інтэрв’ю праграме “Весці ў суботу” кіраўнік дзяржавы даў пасля завяршэння мерапрыемстваў у рамках сустрэчы “нармандскай чацвёркі”, якая прайшла ў Мінску 11-12 лютага.