Лукашэнка: На людзей трэба трошкі звяртаць увагу

3 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра неабгрунтаванае ўшчыльненне жыллёвай забудовы і высечку дрэваў у населеных пунктах. Ён правёў нараду, прысвечаную ў тым ліку і гэтым праблемам (галоўным пытаннем быў праект новай рэдакцыі Жыллёвага кодэксу). Лукашэнка паказаў прысутным, што добра знаёмы са скандаламі ў справе высечкі дрэваў “пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам”, якія асвятляліся ў СМІ.
“Замест таго, каб парк дзесьці закласці ці да ладу давесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт стварыць з насельніцтвам?... У Мінску “дастукаліся” да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пакласці дзесьці пад дарогай, як звычайна, камунікацыі”.
Аляксандр Лукашэнка згадаў выпадак “дзесьці ў раёне Мінскага трактарнага завода”. Ён даручыў Службе бяспекі прэзідэнта зрабіць праверку і нейкія гарадскія начальнікі патлумачылі: “Прэзідэнт на Мінскі трактарны завод ездзіць не па той вуліцы, а па іншай, гэтую вуліцу нельга чапаць — Служба бяспекі забараніла”. Лукашэнка абурыўся: “Вы што, мяне спецыяльна перад насельніцтвам падставіць хочаце?”. Ён загадаў спыніць “разбой” з дрэвамі.
“На людзей трэба трошкі звяртаць увагу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Інакш, паводле яго слоў, будзе сітуацыя, калі “улада сама па сабе, а людзі самі па сабе”.
