Лукашэнка: Між Беларуссю і Туркменістанам няма ніякіх праблем у палітычнай сферы
Між Беларуссю і Туркменістанам няма ніякіх праблем у палітычнай сферы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў 11 траўня прадстаўнікам СМІ пасля перамоваў з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.
"У палітычнай сферы ў нас з туркменскімі сябрамі няма абсалютна ніякіх праблем. Мы адзначаем падабенства нашых падыходаў у знешняй палітыцы, нашага бачання міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыі", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка дадаў, што Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках. Ён выказаў упэўненасць, што так будзе і надалей.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што ў апошнія гады расце колькасць туркменскіх грамадзян, якія імкнуцца атрымаць адукацыю ў нашай краіне. Беларусь гатовая і надалей аказваць падтрымку ў падрыхтоўцы навуковых і спецыялізаваных кадраў для Туркменістана.
Акрамя таго Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая ўдзельнічаць у мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана праз пастаўкі сучаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай і пасажырскай тэхнікі.