Лукашэнка і Бердымухамедаў адкрылі новы будынак туркменскага пасольства ў Мінску
Беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка і лідар Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў 12 траўня прынялі ўдзел у адкрыцці новага будынка туркменскага пасольства ў Мінску.
Лукашэнка зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей, у якім звярнуў увагу, што адкрыццё новага будынку пасольства гэтай краіны ў Мінску “стала сімвалам беларуска-туркменскіх адносін, якія дынамічна развіваюцца”.
“Летапіс супрацоўніцтва нашых сяброўскіх дзяржаў папоўнены сёння новай важнай падзеяй — адкрыты новы будынак пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь, які стаў упрыгожаннем Мінска. У нашай краіне з’явілася часцінка сонечнага Туркменістана”, паведамляе БЕЛТА.
Будынак разлічаны на працу больш за 100 чалавек. Яго плошча складае 7 тысяч квадратных метраў.
Паводле апошніх дадзеных у Беларусі вучыцца каля 9 тысяч студэнтаў з Туркменістана.