Лукашэнка: Беспрэцэдэнтны крок, але нацбяспека — найважнейшы фактар

Пастаўлена задача павялічыць колькасць беларускіх памежнікаў. "Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека — найважнейшы фактар", заявіў Аляксандр Лукашэнка. 4 лютага ён зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы ў 2019 годзе. Адзначаецца, што памежная палітыка нашай краіны накіравана не на канфрантацыю са сваімі суседзямі, а на ўмацаванне добрасуседскіх дачыненняў.
"З гэтага мы найперш павінны зыходзіць, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Не проста на замок наглуха зачыняць мяжу і ствараць праблемы для сваіх грамадзян і тых, хто да нас прыязджае, а стварыць спрыяльную зону і ў той жа час адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі. Асабліва гэта важна напярэдадні Другіх Еўрапейскіх гульняў".
Павелічэнне штатнай колькасці памежнікаў выклікана "ўзрастаннем негатыўных фактараў". Яны звязаныя з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам і кантрабандай. Вялікая ўвага будзе надавацца ўзмацненню манеўраных групаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кіраўнікоў памежатрадаў. Гаворка ішла і пра тое, што "асобныя функцыі памежнікаў у шэрагу выпадкаў могуць сваімі сіламі выконваць супрацоўнікі мытняў".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёлета "выклікаў стала больш, чым гэта было нават у мінулым годзе".