Лукашэнка атрымаў у падарунак кубінскія цыгары і ром

Аляксандра Лукашэнку ніхто не бачыў з цыгарэтай. Тым не менш 23 кастрычніка ён атрымаў у падарунак кубінскія цыгары і ром. А яшчэ — кнігу пра Гавану. Такі падарунак яму зрабіў кубінскі прэзідэнт Мігель Дыяс-Канель, які наведваў Беларусь з афіцыйным візітам, перадае тэлеканал СТВ.
"У мяне нават ёсць ром, які мне калісьці падарыў Фідэль. Мы смак рому добра памятаем яшчэ з савецкіх часоў", — прызнаўся Лукашэнка.
Беларускі ж кіраўнік падарыў кубінскаму калегу эксклюзіўны набор шакаладу і карціну беларускай мастачкі, на якой намаляваны Хасэ Марці. Яго на Кубе лічаць нацыянальным героем і называюць апосталам незалежнасці.