Літовец арганізаваў фотасесію і не заўважыў, што перайшоў мяжу з Беларуссю

24 чэрвеня беларускія памежнікі затрымалі ў Ашмянскім раёне 33-гадовага грамадзяніна Літвы, які незаконна перасёк мяжу. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, парушальнікам аказаўся жыхар Каўнаса. Ён распавёў, што на аўтамабілі разам з дзяўчынай пад’ехаў да пункта спрошчанага пропуску. Там ён зладзіў фотасесію каля мяжы, якую вырашыў скончыць здымкам на фоне пагранічнага знака Рэспублікі Беларусь. Аднак, падышоўшы да яго, хлопец не заўважыў, як перайшоў мяжу.

Памежнікі, што знаходзіліся побач, спынілі літоўца. Пасля выплаты штрафу яго перадалі прадстаўнікам Службы аховы дзяржмяжы пры МУС Літвы.

Фота: nedelia.lt