Літоўскія паўпрычэпы пачалі вывозіць са спецстаянак у Мінск
Фуры, ілюстрацыйнае фота / t.me/customs_bel
Літоўскія паўпрычэпы з беларускіх спецстаянак пачалі вывозіць у Мінск. Іх перамяшчаюць на пляцоўку са сканфіскаванай тэхнікай.
"Сёння вельмі цікавую інфармацыю атрымалі ад сваіх перавозчыкаў, што гадзіну таму прыехалі на пляцоўку, дзе стаіць літоўская тэхніка, цягачы, і яны выцягваюць паўпрычэпы з літоўскімі нумарамі ў Мінск, на пляцоўку, дзе захоўваецца сканфіскаваная тэхніка. Я сазваніўся з гэтым перавозчыкам, і ён пацвердзіў, што гэта стоадсоткавая інфармацыя. Высвятляем цяпер, якая там сітуацыя", — цытуе "Белсат" выказванне прэзідэнта літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Linava Эрландаса Мікенаса.
Таксама ён пацвердзіў, што сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч сустракаўся з кіроўцамі літоўскіх цяжкавікоў. Паводле Мікенаса, Вальфовіч папярэджваў кіроўцаў пра магчымую канфіскацыю тэхнікі: "Інфармацыя прайшла такая, што ён сказаў, што калі гэтая сітуацыя не развяжацца цягам чатырох месяцаў (я не ведаю, ад якой даты ён лічыць), але праз чатыры месяцы тэхніка будзе сканфіскаваная. Гэта галоўная вестка кіроўцам, які там былі на сустрэчы".
Літоўскія фуры аказаліся ў "палоне" ў Беларусі, калі Літва закрыла мяжу ў сувязі з масавым запускам кантрабандысцкіх метэазондаў з беларускай тэрыторыі. Рэжым Лукашэнкі забараніў гэтым грузавікам пакідаць тэрыторыю Беларусі, акрамя як праз беларуска-літоўскі ўчастак мяжы. Іх перамясцілі на спецстаянкі, дзе кожны дзень каштуе 120 еўра. Паводле апошніх звестак, у Беларусі прыкладна 1800 грузавікоў з літоўскімі нумарамі.
Але нават пасля адкрыцця мяжы 20 лістапада выехаць фурам не дазволілі. Рэжым Лукашэнкі патрабуе правесці перамовы на ўзроўні міністраў замежных спраў. Літва бачыць у гэтым спробу афіцыйнага Мінска пераламіць палітыку ізаляцыі і санкцый.
Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч абвінаваціў літоўскае кіраўніцтва ў тым, што рэжым Лукашэнкі не выпускае фуры з тэрыторыі Беларусі.