Літоўскі кіроўца на каршэрынгавым Bolt пратараніў плот на мяжы з Беларуссю
Інцыдэнт на беларуска-літоўскай мяжы / Калаж Еўрарадыё
Літоўскі кіроўца на каршэрынгавым Bolt пратараніў плот на мяжы з Беларуссю, непадалёк ад закрытага пункта пропуску Эйшышкес — Доцішкі. Ён вылецеў на беларускую тэрыторыю і быў затрыманы.
Аўтамабіль Toyota Yaris Cross рухаўся на вялікай хуткасці. Кіроўца ігнараваў дарожныя знакі, якія ўказвалі, што хутка тупік. У выніку ён прабіў агароджу і апынуўся ў Беларусі. Легкавік пры гэтым атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні, спрацавалі падушкі бяспекі.
Як мяркуецца, кіроўца быў нецвярозы — "падчас затрымання ён нібыта хістаўся", паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Пачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага перасячэння мяжы.