Літоўская паліцыя затрымала мігрантаў, якія ўцяклі з лагера

Напярэдадні з лагера на палігоне Руднінкай збеглі 20 чалавек / ltr.lt
Літоўская паліцыя затрымала мігрантаў, якія ўцяклі з лагера, паведаміў загадчык аддзела стратэгічнай камунікацыі МУС Міндаўгас Баярунас у эфіры нацыянальнага радыё.
Напярэдадні падчас беспарадкаў у лагеры, размешчаным на палігоне каля вёскі Руднінкай, мігранты зламалі плот і 20 чалавек самавольна сышлі з тэрыторыі.
"20 чалавек самавольна пакінулі тэрыторыю. Пасля правядзення аператыўных дзеянняў яны былі затрыманыя і вернутыя на месца", — распавёў Баярунас.
Цяпер сітуацыя ў лагеры стабілізавалася, кажа міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ. Хоць хваляванні ў лагеры працягваюцца. Людзі незадаволеныя ўмовамі ўтрымання.
"Яны не пяцізоркавыя, яны простыя, і з-за гэтага ўзнікае незадаволенасць", — патлумачыла кіраўнік МУС Літвы. У лагеры знаходзіцца каля 400 чалавек-выхадцаў з краін Азіі і Афрыкі. Усе яны трапілі ў Літву з тэрыторыі Беларусі.
Каля тыдня таму тут ужо ўспыхвалі беспарадкі. Тады, каб навесці парадак, паліцыі прыйшлося прымяніць слёзатачывы газ.
Літва ў гэтым годзе сутыкнулася з вялікім патокам нелегальных мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. З пачатку года на гэтым участку мяжы былі затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год (у мінулым годзе быў затрыманы усяго 81 чалавек).
Паток мігрантаў павялічыўся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за еўрапейскі санкцый у беларускіх уладаў няма грошай кантраляваць міграцыйныя патокі. У Літве падазраюць, што беларускія ўлады датычныя да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.