Лісты на фронт, рэпрэсіі і моладзь: што паглядзець на фэсце “Паўночнае ззянне”
Фільмы "Паўночнага ззяння" / Euroradio
Кінафестываль “Паўночнае ззянне” распачаў сваю анлайн частку, якая будзе трываць да 23 лістапада. “Мы проста дзеці” — так гучыць слоган сёлетняй праграмы.
Еўрарадыё паглядзела даступныя стужкі і зрабіла сваю выбарку hidden gems ці схаваных дыяментаў, якія вы можаце прама цяпер пабачыць на сайце “Паўночнага ззяння”.
Беларускі конкурс
Беларускі конкурс — гэта пераважна працы беларускіх кіношнікаў-эмігрантаў, што заўважна і па змесце. Героі фільмаў то не могуць дамовіцца заняцца групавым сексам, то ўжыцца ў аднапакаёвай кватэры.
Сярод іх вылучаецца анімацыя “Заўтра вы мяне тут не ўбачыце” рэжысёра Аляксандра Чабоцькі. Пяшчотная гісторыя пра прыгоды чырвонага капелюша ў эміграцыі. Ён падарожнічае ў варшаўскім трамваі, праходзіць праз выпрабаванні тэлефонных размоў з роднымі ў Беларусі, сутычкі з польскай бюракратыяй і смол токі з палякамі-аднагодкамі.
Амаль усе стужкі беларускамоўныя, акрамя фільма “Механіка матэрыялаў”, рэжысёра Лізы Чаканавай. Першыя хвіліны фільма адразу выбіваюць гледача сцэнай, калі пачынаецца вайна ва Украіне і адна з дзяўчат размаўляе з сям’ёй па-ўкраінску, а яе сяброўка кажа жартам, што яны цяпер “па розныя бакі барыкадаў”. Глядач не ведае, ці гэтая гісторыя адбывацца ва ўмоўным Мінску ці Маскве, але праходзіць з галоўнай гераіняй праз выпрабаванне супраціўлення прапагандзе ў сямейным коле.
Сямейныя адносіны таксама закранаюцца ў іншых стужках, напрыклад у “Бацька” і “Незабудка”.
Але ўпэўнены must see — гэта “Перадачка” аніматаркі Веры Шыш. Прыгожая і сумная гісторыя пра тое, як ажыўшая перадачка трапляе ў камеру палітвязняў і бавіць з імі час.
Украіна мон амур
Ва ўкраінскай праграме прадстаўленыя два фільмы, і абодва яны, на наш погляд, вартыя глядацкай увагі.
“Мой любы Тэа” Алісы Каваленка забірае гледача ў інтымны свет лістоў маці сыну з лініі фронту. Яшчэ ў 2014 годзе рэжысёрка трапіла ў расійскі палон падчас здымкаў вайны на Данбасе. Тады яна дала сабе слова, што калі пачнецца поўнамаштабная вайна яна зменіць кінакамеру на зброю. Сваё слова Аліса стрымала, але і на камеру не забылася. Рэжысёрка здымае вайну з пазіцый і чытае лісты, якія піша свайму сыну.
А ў “Стужцы часу” Кацярына Гарнастай фіксуе ўкраінскія школы ў часе вайны: цэлыя, абноўленыя, зруйнаваныя, на вуліцы, пад зямлёю і анлайн — па ўсёй Украіне. Без лішніх каментароў мы назіраем настаўнікаў і дзяцей, якія вучаць англійскую мову, думаюць, што ўзяць з сабою ў трывожную валізу ці як накласці турнікет на руку. Яны рэпетуюць вальс на апошні званок, іх першавераснёвыя лінейкі абрубае паветраная трывога, яны адзначаюць выпускны па зуму. Асабліва (без лішніх спойлераў) хачу падкрэсліць сцэну з фотаздымкам бацькі.
Па-за конкурсам
Багаты на фільмы іншы спіс, дзе ёсць стужкі беларускіх аўтараў, але якія не ўдзельнічаюць у конкурсе.
Ажно тры фільмы (дзве кароткія анімацыі і адзін дакументальны) распавядаюць пра сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў.
А яшчэ тры трапілі на нашыя экраны з ЗША. Дакументальны фільм “Наша зямля” Варфаламея Курагі і Квінціні Шомэйкера ў пэўным сэнсе з’яўляецца мостам у тэме прымусовага высялення людзей. Ён распавядае пра стойкасць сем’яў народу наваха, якія змагаюцца за права жыць на сваёй зямлі.
Дзве іншыя ігравыя гісторыі расказваюць пра падлеткаў у ЗША. Гэта стужка “Для іх” Андрэя Кагалёнка — дарослага мастака, які напярэдадні адкрыцця сваёй выставы ўзгадвае юнацтва: праблемы ў сям’і і першае каханне. Другі фільм — “Ліст” Цімура Нядзьведзя — пра перажыванне за блізкага чалавека праз адлегласць. Менавіта ў гэтым фільме можна пабачыць, як хлопец піша ліст сябру-палітвязнію на фоне плаката Макса Каржа.
Міжнародны конкурс
У гэтай катэгорыі мы знайшлі дзве стужкі з Эстоніі, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу.
“Самакруткі” Мээля Паліяле — гэта той выпадак, калі глядзіш фільм і разумееш, што хочаш пабачыць калі-небудзь такі ж, але пра беларускую моладзь, такую ж сціплую і свабодную. Coming-of-age гісторыя распавядае пра тое, як вырвацца з нелюбімай працы, знайсці каханне, сяброўства і ў гэтым усім спазнаць сябе і сваё месца, напрыклад, заставацца ў халодным Таліне ці з’ехаць у далёкую Бразілію.
Арганізатары называюць гэты фільм “шчырым, амаль дакументальным партрэтам зумераў”, але мы ўпэўненыя, што кожнае пакаленне ў гэтым важным узросце перажывала падобныя эмоцыі. Таму фільм адгукнецца шырэйшай аўдыторыі.
Дуэт братоў-рэжысёраў Рауля і Рамэта Эска робяць падобнае ў сваім фільме “Два мяне”. Хлопцы накіроўваюць камеру на сябе і робяць іранічнае кіно пра тое, як хочуць зрабіць кіно! Гэтым самым яны даказваюць, што можна зрабіць глядацкае кіно маючы, здаецца, задуму на паверхні. У выніку мы глядзім фільм, які ўмела балансуе паміж гульнёй дакументалістыкі і пагружае нас у свет сталення братоў-блізнятаў.
Глядзіце гэтыя ды іншыя фільмы на сайце фестывалю “Паўночнае ззянне”. Там жа даступная поўная праграма і расклад.