Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць

Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць

Пра мару наведаць Парыж, “пасядзець у кавярні з томікам Хемінгуэя” старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына казала неаднаразова. Вось толькі магчымасці не было ажно ад 2004 года — Ярмошына знаходзілася ў спісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз.

Але нарэшце магчымасць з’яўляецца, бо 29 кастрычніка ЕС прымае рашэнне замарозіць санкцыі на 4 месяцы. І Лідзія Міхайлаўна магчымасцю карыстаецца: падчас навагодняга адпачынку наведвае Парыж, ладзіць сабе тур па гарадах Італіі.

Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць
Лідзія Ярмошына ў Луўры. Фота: kp.by

Еўрарадыё цікавіцца: хто яшчэ з вядомых асобаў з “чорнага спісу ЕС” скарыстаўся замарожваннем санкцый? А то невядома, якое рашэнне 28 лютага прыме ЕС — раптам санкцыі зноў размарозяць?

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік прызнаецца: незалежна ад санкцый аддае перавагу адпачынку на радзіме.

Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць

“У плане адпачынку ў нас густы з Лідзіяй Міхайлаўнай дыяметральна супрацьлеглыя. Яна любіць цывілізацыю, любіць горад, любіць гістарычныя месцы, а мяне больш цягне на прыроду. І былі б санкцыі ці не, я б з большым задавальненнем паехаў туды, дзе можна спакойна пагуляць ля берага возера ці рэчкі, палавіць рыбу, у зімовы час на лыжах пакатацца. А горад я не люблю. Таму гэтыя еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць. У нас для адпачынку на прыродзе выдатныя ўмовы!”

А таму і небяспека вяртання “чорных спісаў” Лазавіка абсалютна не хвалюе.

Нікуды не ездзіў і не збіраецца карыстацца прыкладам Ярмошынай і старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валерый Гайдукевіч. Кажа, у яго і мары наведаць нейкі еўрапейскі горад няма.

Валерый Гайдукевіч: “Не, я ў Еўропу не ездзіў. Я і не збіраўся, таму асабліва і не хваляваўся праз тыя санкцыі. Разумееце, я ўжо не ў тым ўзросце, калі мараць — я ўжо больш цвяроза гляджу на жыццё. Гэта яна (Лідзія Ярмошына — Еўрарадыё) яшчэ ў юным узросце і таму марыць”…

Не ездзіў і не збіраецца ў найбліжэйшыя два месяцы ехаць у Еўропу і Вадзім Гігін. А старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец кажа, што і не паедзе туды з прынцыпу!

Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць

“У мяне ёсць элементарная чалавечая годнасць! Накласці на мяне “вета” на падставе таго, што я вінаваты ў правядзенні выбараў ці дзейнасці камісіі падліковай! Гэта апроч смеху нічога не выклікае. Каб мець дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, трэба што? Трэба быць сябрам камісіі ці браць удзел у падліку галасоў. Я ні там, ні там не быў і блізка! Што ж яны мне лепяць?! І пасля гэтага “кукарэкаюць” пра парушэнні правоў чалавека”, — абураецца пісьменнік.

Кажа, яго і ў спіс той унеслі за асабістую грамадзянскую пазіцыю — падтрымку ва ўсім і ўсюды Аляксандра Лукашэнкі. Таму, кажа, і не хоча ехаць у Еўропу. Тым больш што быў за мяжой “больш за 100 разоў”, наведаў практычна ўсе еўрапейскія краіны, неаднаразова быў у ЗША — новага нічога ён там не ўбачыць, а ні шопінгам, ні экскурсіямі ўжо не цікавіцца.

Рашэнне ЕС аб замарожванні санкцый не супала з яго загадзя складзенымі планамі, прызнаецца былы кіраўнік БТ Аляксандр Зімоўскі.

Лазавік: Еўрапейскія паездкі мне вялікага задавальнення не прыносяць

“Я ніякіх паездак загадзя не планаваў, зыходзячы з таго, што санкцыі існавалі. А калі іх замарозілі, то ніякім тэрміновым планаваннем паездкі ў Еўропу я не стаў займацца: у мяне загадзя распланаваны графік, і там не было акна. Таму я і не стаў карыстацца гэтым шансам — праскочыць у дзірку, якую на 4 месяцы адкрылі! — смяецца Зімоўскі. Да ўсяго, ён шмат часу праводзіць у Санкт-Пецярбургу. — Фінляндыя пад бокам: можна сесці, і праз дзве гадзіны ты там — і ніякія санкцыі не перашкаджаюць!”

А вось дзейны кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька ад моманту замарожвання санкцый паспеў з’ездзіць у Вільню. Але па працы — на перамовы. На адпачынак паездак не меў і пакуль не плануе.

Генадзь Давыдзька: “Па працы мне часам трэба, бо мы з’яўляемся сябрамі Еўрапейскага вяшчальнага саюзу. І раз-пораз прыходзяць запрашэнні ў Жэневу, яшчэ некуды. Але я не меў магчымасці туды ездзіць, бо быў пад санкцыямі. Магчыма, калі будзе наступная нарада Еўрапейскага вяшчальнага саюзу, то, можа, і з’езджу. Хаця не ездзіў, і нічога страшнага не было. Так што зэканомлю дзяржаўныя грошы”.

На заканчэнне размовы Генадзь Давыдзька выказваецца: санкцыі — ганьба для тых, хто іх уводзіў. А фігуранты “чорнага спісу ЕС” ад санкцый не вельмі і пацярпелі…

Фота з архіва Мікалая Лазавіка, Аляксандра Зімоўскага