Латушка запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі копію прысуду, якую чакае ўжо два гады

Дом Паўла Латушкі / t.me/latushka
Павел Латушка заявіў, што рэжым Лукашэнкі ўжо два гады не дасылае яму копію прысуду, паводле якога арыштавалі яго дом у Беларусі. У сувязі з гэтым ён даслаў заяву ў Мінгарсуд, пракуратуру і Следчы камітэт.
Пры гэтым Латушка ў лісце падкрэсліў, што гэтая заява "не можа быць растлумачаная ніякім чынам як прызнанне прысуду", які ён лічыць "незаконным і неабгрунтаваным палітычным пераследам".
Дом палітыка быў арыштаваны ў рамках так званай "справы Каардынацыйнай рады". Латушка падкрэсліў, што дом з'яўляецца яго прыватнай уласнасцю:
"На працягу досыць доўгага часу, у сувязі з накладзеным арыштам, ніхто не мае права доступу ў жылы прыватны дом, які належыць мне на праве прыватнай уласнасці. Іншых звестак, якія аспрэчваюць маё права ўласнасці на гэты жылы дом, у мяне няма. Неналежны догляд за жылым прыватным домам у перспектыве можа стварыць пагрозу прычынення шкоды здароўю трэціх асоб, а таксама іх маёмасці, за што адказнасць ускладаецца на асоб, якія ўчынілі незаконны арышт і абавязаных забяспечваць захаванасць будынка".
Палітык мяркуе, што было парушана крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, бо ён да гэтага часу не атрымаў копію прысуду. Гэта, "нягледзячы на тое, што з моманту вынясення палітычна матываванага прысуду, як гэта было прадстаўлена ў прапагандысцкіх СМІ, прайшло больш за два гады".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.