Вераніка Цапкала падала заяву ў пракуратуру за продаж яе дома ў Мінску

Вераніка Цапкала з дзецьмі
Заяву ў Генпракуратуру "аб парушэнні канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дзяцей, незаконнай канфіскацыі жылля і пераследзе паводле палітычных матываў" падала Вераніка Цапкала. Падставай стаў продаж мінскага дома Цапкалаў праз аўкцыён.
Як паведамлялася раней, дом быў прададзены 9 красавіка. У абвестцы аб продажы было пазначана, што нерухомасць знаходзіцца пад арыштам. Таксама паведамлялася, што ў будынку зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.
Дом быў прададзены з чацвёртай спробы. За час аўкцыёнаў яго кошт знізіўся з 2 104 000 рублёў да 1 157 200 рублёў (337 тысяч еўра).
"9 красавіка 2025 года з аўкцыёну быў прададзены дом, які з'яўляецца адзіным месцам пражывання і рэгістрацыі мяне і дваіх маіх непаўналетніх дзяцей (узрост — 12 гадоў). Прычынай канфіскацыі паслужыў удзел майго мужа ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і яго адкрытая палітычная пазіцыя, якая палягае ў адстойванні права народа Рэспублікі Беларусь абіраць уладу шляхам свабодных і справядлівых выбараў, як гэта прадугледжана артыкулам 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", — піша Вераніка Цапкала ў сацсетках.
Яна мяркуе, што канфіскацыя і продаже дома парушаюць не толькі беларускія законы, але і міжнародныя нормы, таму патрабуе прызнаць угоду незаконнай. Пакупніка жытла яна таксама патрабуе прыцягнуць да адказнасці: "Факт адчужэння і набыцця маёмасці па відавочна заніжаным кошце прыраўноўваецца да куплі крадзенага".
Цапкала просіць пракуратуру правесці праверку, прызнаць угоду несапраўднай, пакараць вінаватых і афіцыйна паведаміць аб прынятых мерах.
Экс-кіраўнік парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала ў 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Аднак Цэнтрвыбаркам палічыў несапраўднымі вялікую колькасць сабраных за яго подпісаў. Таму Цапкалу не зарэгістравалі. Пасля гэтага яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, баючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з'ехала і Вераніка.
У Беларусі Валерыя Цапкалу завочна прысудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, і ў сям'і канфіскавалі маёмасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.