Арыштаваны дом Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацвёртай спробы

Дом Цапкалаў

Дом Цапкалаў / e-auction.by

Арыштаваны дом Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацвёртай спробы, заўважыла @radiosvaboda. Кошт — 1157200 рублёў ці 337 тысяч еўра. Гэта амаль удвая менш за пачатковую цану на першым аўкцыёне.

Пакупнік, магчыма, не ведае, чый канкрэтна дом набывае. Але ў аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасць пад арыштам, і што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх.

У Беларусі Валерый Цапкала быў дырэктарам Парка высокіх тэхналогій у 2005-2017 гадах. У 2020-м ён вылучаўся на пасаду прэзідэнта, але Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў яго, забракаваўшы вялікую колькасць сабраных подпісаў. Пасля гэтага яго жонка Вераніка ўвайшла ў аб'яднаны штаб Святланы Ціханоўскай.

Сям'я Цапкалаў эмігравала з Беларусі ў 2020-м. Валерыя Цапкалу завочна асудзілі ў РБ на 17 гадоў пазбаўлення волі. Іх нерухомасць арыштавалі. Кватэру ўжо прадалі, а тры спробы прадаць катэдж праваліліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.