Латушка падаў на Карпушонак заяву ў польскі суд
Павел Латушка
Кіраўнік Народнага атыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка падаў пазоў супраць дэлегаткі Каардынацыйнай рады Вольгі Карпушонак. Заява пададзеная ў акруговы суд Варшава Прага, паведамляе Латушка ў сваіх сацсетках. Ён хоча абараніць сваю годнасць і гонар.
30 жніўня Карпушонак абвінаваціла Латушку ў харасменце і сексуальных дамаганнях. Потым яна вінаваціла палітыка ў пераследзе і заявіла, што гатовая пацвердзіць свае словы фактамі. Аднак дагэтуль ніякіх пацвярджэнняў у публічнай прасторы так і не з'явілася.
Латушка назваў словы Карпушонак "паклёпам і хлуснёй". Ён выказаў меркаванне, што гэта звязанае з аперацыяй КДБ па дыскрэдытацыі яго і ўсіх дэмакратычных сілаў.
Латушка патрабуе абавязаць Карпушонак апублікаваць абвяржэнне ў Фэйсбуку, дзе былі апублікаваныя абвінавачанні.
Аб’яднаны пераходны кабінет выказаў Латушку поўную падтрымку.
Вольга Карпушонак у адной са сваіх апошніх заяваў паведаміла, што пакінула тэрыторыю ЕС, асцерагаючыся пераследу. Дзе яна перабывае цяпер — невядома.