Кожны дзявяты жыхар Беларусі з'яўляецца мігрантам — ААН

Рабочы, ілюстрацыйнае фота

Рабочы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У 2024 годзе ва ўсім свеце, паводле звестак ААН, налічвалася 304 мільёны міжнародных мігрантаў — гэта ўдвая болей, чым у 1990 годзе.

Беларусь па гэтым паказчыку займае 57-е месца ў свеце. У ААН падлічылі, што мігранты складаюць 11,6% насельніцтва нашай краіны, або кожны дзявяты жыхар. Такія звесткі прыводзіць статыстычны партал VisualCapitalist.

Першыя месцы рэйтынгу занялі краіны Блізкага Усходу і невялікія дзяржавы накшталт Ліхтэнштэйна ці Андоры: там колькасць мігрантаў можа перавышаць 60% і нават 70%. Напрыклад, у Катары, які займае першае месца, мігранты складаюць 76,7%.

Статыстыка сведчыць, што за апошнія 34 гады колькасць мігрантаў у Беларусі не вельмі змянілася:
1990 — 1 249 000
2010 — 1 090 000
2024 — 1 055 000

Іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва таксама была прыкладна адной і той самай: 1990 — 12,3%, 2010 — 11,5%, 2024 — 11,6%.

Суседнія з Беларуссю краіны ў спісе аАН занялі наступныя пазіцыі:
Украіна — 50-е месца (13,4%);
Латвія — 56-е месца (11,8%);
Літва — 87-е месца (6,1%);
Расія — 91-е месца (5,3%);
Польшча — 97 месца (4,5%).

Тым часам прадстаўнікі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС у лістападзе 2024-га казалі, што па працоўных дамовах у Беларусі працуе больш за 60 тысяч замежных грамадзян з больш як 130 краін свету.

Як бачым, ААН падае статыстыку па міжнародных мігрантах у цэлым, а ў Беларусі ўлічваюць толькі працоўных мігрантаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.