Колькасць пацярпелых ад выбухаў у Крыме павялічылася да дзевяці чалавек
Колькасць пацярпелых ад выбухаў на расійскім вайсковым аэрадроме ў Крыме павялічылася да дзевяці чалавек, паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на мясцовыя ўлады. Загінуў у выніку выбухаў толькі адзін чалавек.
У Сакскую раённую лякарню былі дастаўленыя сем чалавек з раненнямі, у тым ліку двое дзяцей. Аднаго пацярпелага пакінулі ў лякарні, шасці аказалі першую дапамогу і адпусцілі.
Двое пацярпелых самі дабраліся да лякарні ў Сімферопалі. Ім аказалі неабходную дапамогу і адправілі дадому.
Расіяне не паведмляюць, ці ёсць вайскоўцы сярод пацярпелых ад выбухаў на авіябазе.
Як распавядала Еўрарадыё, удзень 9 жніўня на вайсковым аэрадроме ў Сакскім раёне Крыма прагрымеў шэраг выбухаў. Паводле афіцыйнай версіі расійскіх вайскоўцаў, там адбылася дэтанацыя боепрыпасаў у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Пры гэтым спачатку расійскія СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі пра ракетныя абстрэлы.
Мінабароны Украіны заявіла, што не ведае прычыны выбухаў.