Колькасць ахвяраў пажару ў Лондане вырасла да 17 чалавек

Колькасць ахвяраў пажару ў Лондане вырасла да 17 чалавек

Афіцыйна названая колькасць ахвяраў пажару ў шматпавярховым доме ў Лондане вырасла да 17 чалавек, перадае Бі-Бі-Сі. Аднак лонданская паліцыя кажа, што лік ахвяраў, верагодна, яшчэ вырасце. У лякарнях цяпер знаходзяцца больш за 70 пацярпелых, а дзясяткі лічацца зніклымі без вестак. Прычым невядомае месцазнаходжанне цэлых сем'яў.

Кіраўніца Лонданскай пажарнай службы Дэні Котан заявіла, што ў будынку застаецца "невядомая колькасць людзей". І на іх пошукі спатрэбіцца шмат часу, бо праводзіць пільны агляд будынка цяпер небяспечна. На пошукавую аперацыю могуць сысці цэлыя тыдні. 

Пажар у шматпавярховіку яшчэ да канца не ліквідаваны. Пажарныя працягваюць тушыць узгаранні ў розных частках будынка. 

Пажар у 24-павярховым будынку Грэнфел-таўэр ў Лондане пачаўся ў ноч на сераду. Паводле інфармацыі ўладаў, перад узгараннем у будынку маглі знаходзіцца да 600 чалавек.

Прычына пажару застаецца невядомай. Сярод версій, якія з'явіліся ў СМІ, — дэфект электраправодкі, выбух газу, узгаранне халадзільніка ў адной з кватэр.