Кобрынец пераслаў інтэрнэт-махляру 13 500 долараў

Як паведамляе прэс-служба брэсцкай абласной міліцыі, інфармацыю аб продажы Фальксвагена Пасат 2009 года кобрынец знайшоў на беларускім аўтамабільным сайце. Гаспадар легкавіка паведаміў, што жыве ў Амерыцы, аднак сам аўтамабіль знаходзіцца ў Мінску. Ён папрасіў пераслаць 13 500 долараў праз плацёжную сістэму Western Union і скінуць па e-mail копіі квітанцыяў аб пераводзе. Потым амерыканец абяцаў прыехаць ў Мінск і абмяняць ключы ад Фальксвагена на ўнікальны код пераводу.



Пакупнік выканаў усе інструкцыі. Захваляваўся ён толькі пасля таго, як яго папрасілі дадаткова пераслаць яшчэ 3500 долараў. Мужчына рынуўся ў банк, каб вярнуць грошы, аднак яму паведамілі, што іх ужо забралі.



Як выявілася, беларускія банкі не выдаюць грошы, пералічаныя праз сістэму Western Union без адмысловага кода. А вось некаторыя замежныя банкі аддаюць грашовыя пераводы і па копіі плацёжных квітанцыяў.



Фота — air-tours.ru