"Клоўн для спатканняў" з'явіўся ў адной з беларускіх калоній

Клоўн, ілюстрацыйнае фота

Клоўн, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Клоўн для дзяцей з'явіўся ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Яго завуць Пузырык, ён забаўляе дзяцей на працяглых спатканнях (ад аднаго да трох дзён) вязняў са сваякамі.

Дзецям у так званай гасцініцы для працяглых спатканняў на тэрыторыі калоніі паказваюць фокусы, забаўляюць, каб у іх не было адчування знаходжання ў турме. Як адзначаюць праваабаронцы з MayDay, такім спосабам адміністрацыя калоніі дамагаецца новых падзяк ад сваякоў вязняў.

Дарэчы, у жывым кутку гэтай гасцініцы ёсць паўліны. Гэта найлепшая такая гасцініца ў сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Таксама ў калоніі ёсць сваё атэлье, дзе асуджаныя пры наяўнасці грошай на асабовым рахунку могуць перашыць турэмную робу пад сябе і нават выбраць матэрыял.

Пры гэтым Шклоўская калонія вядомая тым, што 21 траўня 2021 года там загінуў Вітольд Ашурак. Сёлета на пачатку года ў ёй памёр палітвязень Валянцін Штэрмер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.