ПАСЕ прызнала Лукашэнку адказным за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

Украінскія падлеткі, прывезеныя ў Беларусь

Украінскія падлеткі, прывезеныя ў Беларусь / sb.by

У рэзалюцыю ПАСЕ ўнеслі дапаўненне пра асабістую адказнасць Аляксандра Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі.

Яно стала часткай дакумента пад назвай "Прававыя і праваабарончыя аспекты агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны", прынятага 24 чэрвеня.

У дапаўненні сцвярджаецца, што "па стане на 14 жніўня 2024 года, не менш за 3500 украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны былі гвалтоўна перамешчаныя праз ці на тэрыторыю Беларусі, дзе яны падвяргаліся расійскай палітычнай, ваеннай і рэлігійнай індактрынацыі. Гэта перамяшчэнне ажыццяўлялася паводле прамога загаду Аляксандра Лукашэнкі". Палажэнне было ўнесенае з ініцыятывы Паўла Латушкі.

Раней, на красавіцкай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы з ініцыятывы НАУ ў іншую рэзалюцыю была ўключаная папраўка, якая прадугледжвае неабходнасць распаўсюдзіць юрысдыкцыю будучага Спецтрыбунала за злачынствы супраць Украіны на дзеянні вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.