Кітайцы хацелі купіць ялавічыну, а магілёўцы сказалі, што лішняй няма
Падчас размовы з кітайцамі / mogilev-region.gov.by
Кітайцы хацелі купіць ялавічыну, а магілёўцы сказалі, што лішняй няма. Пра сваю паездку ў Кітай у інтэрв'ю газеце "Звязда" расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. Нядаўна ў КНР знаходзілася афіцыйная дэлегацыя Магілёўшчыны. Яна сустракалася з кіраўніцтвам правінцый Хэнань і Хунань. Гаворка ішла найперш пра прадукты харчавання.
"Абодва рэгіёны зацікаўлены ў пастаўках з Беларусі ялавічыны, — расказвае чыноўнік. — З улікам таго, што ўся наша ялавічына рэалізуецца і патрэбны дадатковыя аб’ёмы, мы прапанавалі кітайскім партнёрам арганізаваць у Магілёўскай вобласці вырошчванне буйной рагатай жывёлы для пастаўкі і перапрацоўкі на рынак КНР".
Пра рэакцыю кітайцаў на такую прапанову Страхар прамаўчаў.
Дарэчы, дэлегацыю магілёўцаў суправаджаў пасол Аляксандр Чарвякоў, былы міністр эканомікі.