Кіроўцу, які збіў насмерць двух чалавек на прыпынку, асудзілі на 8 гадоў
Таксама суд канфіскаваў аўтамабіль BMW, які належыць абвінавачанаму, і пазбавіў яго права кіраваць транспартам на 5 гадоў.
Суд Маскоўскага раёна Мінска вынес прысуд па справе кіроўцы, які ў нецвярозым стане збіў насмерць двух пешаходаў на прыпынку па вуліцы Ясеніна.
Як перадае interfax.by, суд прыгаварыў мужчыну да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама абвінавачанага пазбавілі права кіраваць транспартам тэрмінам на 5 гадоў. А аўтамабіль BMW, які належыць абвінавачанаму, суд пастанавіў канфіскаваць.
Мужчына павінен выплаціць пацярпелым маральную шкоду ў 250 млн рублёў, а таксама дзяржпошліну — у 540 тысяч рублёў.
Нагадаем, у верасні 2014 года на вуліцы Ясеніна ў Мінску кіроўца, выязджаючы з двара дома, не справіўся з кіраваннем, Ён выехаў на сустрэчную паласу і на высокай хуткасці вылецеў на прыпынак, дзе стаялі два чалавекі. У выніку аварыі пажылая жанчына загінула на месцы, а пажылы мужчына пазней памёр у лякарні.

Фота — onliner.by