Кіраўніка будаўнічага прадпрыемства падазраюць у растраце $83 тысяч
Паводле следства, ён пускаў грошы дольшчыкаў на пакрыццё выдаткаў свайго прадпрыемства.
Супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасцю сталічнай міліцыі займаюцца справай былога кіраўніка вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Забудова-Будкомплекс”. Яго падазраюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў са шкодай у асабліва буйным памеры.
Паводле праваахоўнікаў, экс-дырэктар летам 2011 года выкарыстаў сродкі дольшчыкаў, прызначаныя на будаўніцтва жылых дамоў, па нямэтавым прызначэнні. За кошт сваіх кліентаў дырэктар прафінансаваў выдаткі прадпрыемства, а таксама аплаціў будаўніцтва іншых аб’ектах.
Сума матэрыяльнай шкоды ацэньваецца ў 420 мільёнаў рублёў або 83 тысячы долараў па тагачасным курсе.
Пракуратура Савецкага раёна сталіцы распачала крымінальную справу на экс-кіраўніка “Забудовы-Будкомплекс”. У яго дзеяннях угледжваецца перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Ілюстратыўнае фота з сайта podrobnosti.ua