Кіраўнік МЗС Венгрыі прывёз у Мінск прадстаўнікоў 17 венгерскіх кампаній

Беларуска-венгерскія перамовы

Беларуска-венгерскія перамовы / БЕЛТА

10 верасня ў Беларусь прыбыў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. Ён правёў перамовы з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым.

Паведамляецца, што Сіярта прапанаваў вярнуцца да здаровага і рацыянальнага падыходу ў выбудоўванні двухбаковых адносін з Беларуссю. Ён прывёз у Беларусь прадстаўнікоў венгерскага бізнесу.

"Сам факт, што прадстаўнікі 17 венгерскіх кампаній прыляцелі са мной у Мінск, пацвярджае, што рацыянальны падыход усё ж такі існуе. Ёсць і неабходнасць, і зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва на аснове здаровага сэнсу", — перадае БЕЛТА словы Сіярта.

У адказ Рыжанкоў пахваліў венгерскага калегу: "Мы бачым, што Венгрыя дзейнічае ў першую чаргу зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў, што не заўсёды характэрна для іншых краін Еўрасаюза".

У 2023 годзе Сіярта стаў першым міністрам краін ЕС, які перапыніў дыпламатычны байкот лукашэнкаўскага рэжыму. У лютым ён прылятаў у Мінск і сустракаўся з тагачасным кіраўніком МЗС Сяргеем Алейнікам.

Таксама Венгрыя неаднаразова тармазіла прыняццё санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.