Кіраўнік “Мінсктранса” правёў інструктаж пра “расійскія сцяжкі” у аўтобусах

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў блогер Глеб Лабадзенка. Ён падхапіў ініцыятыву пісання зваротаў наконт расійскіх сцяжкоў у мінскім грамадскім транспарце.

"Сёння я атрымаў адразу 4 лісты, — кажа Глеб Лабадзенка. — Усе яны па-сутнасці — станоўчыя: парушэнне прызналі, сцяжкі прыбраныя. У двух выпадках дырэктар аўтобуснага парка №6 знізіў кіроўцам прэмію. Дырэктар аўтобуснага парка №2 абвесціў кіроўцу строгую вымому".



Чацверты ліст прыйшоў ад генеральнага дырэктара “Мінсктранса” Лявонція Папянка. У сваім адказе кіраўнік мінскага грамадскага транспарту паведамляе, што парушэнні здараюцца па віне асобных кіроўцаў і адказных асобаў аўтобусных паркаў. Спадар Папянок піша, што ў аўтобусным парку №6 пакараныя не толькі кіроўцы, але і намеснік начальніка калоны, яму зніжана прэмія, бо выпадкі былі неаднойчы.

Дырэктар “Мінсктранска” адзначае, што “ўказаныя парушэнні даведзеныя да ведама калектываў філіялаў прадпрыемства. З кіроўцамі праведзены пазапланавы інструктаж наконт недапушчэння наяўнасці ў салонах і на рабочых месцах старонніх прадметаў, у тым ліку тых, што ўплываюць на бяспеку руху”.

Нагадаем, раней прыбірання расейскіх сцяжкоў дабіваліся тройчы: журналіст Кастусь Шыталь у Глыбокім, прадпрымальнік Алесь Мазанік і дызайнер Максім Шняк у Мінску. Сцяжкі прыбіраюць не таму, што яны расійскія ці беларускія. Паводле правілаў, на лабавым шкле не павінна быць ніякіх старонніх прадметаў.