Кіраўнік “Беларуськалія” пацвердзіў гібель дваіх шахцёраў

Кіраўнік  “Беларуськалія” пацвердзіў гібель дваіх шахцёраў

Двое шахцёраў “Беларуськалія”, што трапілі пад завалы, загінулі. Гэту інфармацыю пацвердзіў тэлеканалу АНТ генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты.

“На жаль, цуду не здарылася — хлопцы загінулі”, — сказаў ён.

Інцыдэнт здарыўся ўвечары 9 сакавіка, калі адбывалася засечка на тэхналагічную збойку 22-б заходняга слупа гарызонту -620м. Парода раптоўна абрынулася і пры гэтым адбыўся выкід солі і газу. Інтэнсіўнасць выкіду склала каля 600 м³ горнай масы. Праходніцкі камбайн і самаходны вагон, у якіх было двое работнікаў, апынуліся цалкам засыпанымі выкінутай пародай.

Гэта машыніст горных вымальных машын Іваноў Максім Анатольевіч, 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Валькоў Дзмітрый Анатольевіч, 1985 года нараджэння. Іх целы знайшлі ў ноч на нядзелю.

Як паведамлялася раней, гэта была эксперыментальная ходка шахцёраў з мэтай паляпшэння вытворчасці. Раней у тым самым месцы ўжо здараліся абвалы пароды, таму дзеля бяспекі прыдумалі спецыяльныя ўмацаванні.

Інцыдэнтам па шахце “Беларуськалія” заняўся Следчы камітэт — распачатая крымінальная справа па факце парушэння правілаў бяспекі горных працаў (арт. 303 КК РБ).