ХАМАС перадаў Ізраілю целы чатырох загінулых закладнікаў. Сем'і чакаюць астатніх

Сцяг Ізраіля

Сцяг Ізраіля / pixabay.com

Ізраільскія вайскоўцы ідэнтыфікавалі парэшткі чатырох загінулых закладнікаў, якіх ХАМАС вярнуў у панядзелак. У ЦАХАЛ паведамілі, што адзін з закладнікаў быў паранены 7 кастрычніка і памёр ад раненняў у палоне, а другі быў забіты.

На тэрыторыі Газы ўсё яшчэ знаходзяцца целы 24 загінулых закладнікаў.

"Мы не можам перайсці да этапу аднаўлення Газы, да другой або трэцяй фазы праграмы Трампа, пакуль усе нашы блізкія не вернуцца дадому", — сказаў прадстаўнік Форуму сем’яў закладнікаў і зніклых без вестак Даніэль Ліфшыц у інтэрв’ю BBC.

Бабулю і дзядулю Ліфшыца выкралі тэрарысты 7 кастрычніка 2023 года. Жанчыну ўдалося вызваліць, але мужчына загінуў у палоне, і ягоныя парэшткі былі вернутыя ў лютым гэтага года.

 

Што прадугледжвае мірны план?

Згодна з планам, калі абодва бакі пагодзяцца, вайна "неадкладна спыніцца", Газа будзе дэмілітарызаваная, а ўся ваенная і тэрарыстычная інфраструктура — знішчаная. Пасля вяртання закладнікаў "членам ХАМАС, якія абавязваюцца мірна суіснаваць і здаць зброю, будзе прадастаўленая амністыя". Прадугледжваецца, што на пачатковым этапе Газай будзе кіраваць часовы пераходны камітэт палестынскіх тэхнакратаў пад наглядам савета, які ўзначаліць прэзідэнт ЗША.

Праграма развіцця ААН цяпер ацэньвае патрэбы сектара Газы. Яе спецыялісты паведамляюць, што больш за 80% усіх будынкаў знішчаныя або пашкоджаныя. У самым горадзе Газа гэты паказчык яшчэ вышэйшы — каля 92% будынкаў. Прадстаўнік ПРААН у Жэневе называе разбурэнні жахлівымі. Паводле ацэнак арганізацыі, неабходна прыбраць не менш за 55 мільёнаў тон абломкаў. ПРААН паведамляе, што ўжо пачала размініраванне, аднак неразарваныя боепрыпасы ўскладняюць працу. У арганізацыі таксама адзначаюць, што рэгулярна знаходзяць целы, якія патрабуюць апазнання.

Паводле ацэнак ААН, ЕС і Сусветнага банка, неабходна каля 70 мільярдаў долараў, каб тэрыторыя зноў стала прыдатнай для жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.