КДБ затэлефанавала беларусцы, якая ўжо сем гадоў жыве ў ЗША
Аляксандра Васілевіч / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
На гутарку ў КДБ запрасілі беларуску, якая ўжо сем гадоў жыве ў ЗША. Аляксандры Васілевіч затэлефанавалі на беларускі нумар з упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці, піша тэлеграм-канал "Права маюць".
"На пытанне прадставіцца і выслаць позву супрацоўнік сказаў: вось прыйдзеце — і прадстаўлюся. Тэма гутаркі таксама засталася нераскрытай ("пагутарыць і пазнаёміцца"), як і пытанне як наогул пра мяне ўспомнілі, калі я не актыўнічала ў Беларусі апошнія 7-8 гадоў", — расказала Аляксандра ў сацсетках.
Калі дзяўчына дала зразумець, што не збіраецца прыходзіць у КДБ і сам супрацоўнік да яе не зможа прыехаць, гутарка завяршылася.
Раней Аляксандра займалася ў Беларусі палітычным актывізмам, узначальвала гродзенскую арганізацыю апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі і моладзевую арганізацыю АГП "Маладыя дэмакраты".